Summer-breath.com
тлог
dumki
Краявід
Гляджу на аблокі, па-за якімі прабіваецца нябесны блакіт. Суседскія яблынькі крыху гойдаюцца ад паветра. Дождж толькі перастаў, і за дамамі ўсміхаецца вясёлка. Стаю ля акна ў пустым пакоі, зроку прыемна глядзець на апошнія імгненні сонца, а не экран манітора. Як цяпер папулярна ў англамоўнай прасторы разважаць пра slow ды simple life. Мо, і не трэба ўсёй гэтай мітусні? Нездарма любімая частка дня ў мяне - раніца.
Вялікі жаль, што няма з кім падзяляць свае хобі, камп'ютар, хаця я й яго не пераношу, маё аконца ў свет таго, на што я цікаўлюся. І ў той жа час дзякуй, што ён ё, бо без яго было бы сто крат сумней.
dumki
Сам-насам
Я сядзеў адзін у пустым адрамантаваным кабінеце. Мой камп'ютар апынуўся крыху гудлівым, таму абсолютнай цішыні мне не далі. Нягледзячы на плотныя жалюзі скрозь панарамнае акно прасочвалаўся жар сённяшняга сонца. У свабодную хвіліну я схадзіў да аўтамата за кавай, выбачайце, гурманы, але ж няможна пакідаць тэрыторыю працы.
Мяне раздраждала, як хісталася ручка дзвярэй, таму я знайшоў у вечцы адвёртку і таксама прыняў удзел у паляпшэнні працоўных умоў аддзела.
Упершыню за шмат гадоў я ніводнага разу не начаваў на лецішчы ўвясну. Прывет, дарослае жыццё. Усе людзі са старых глаў сышлі са старонак маёй біяграфіі. А замены не надта знайшліся. Вакол мяне ё людзі, але яны з іншых катэгорый.
А яшчэ я сам-насам дазволіў сябе трохі патануць у смутку. Я таксама хачу, как маёй прыхільнасці дабіваліся, каб шукалі, як мяне зацікавіць. Абрыдла рабіць першыя крокі. Я таксама чалавек і маю права цешыць сваё эга. Тым больш, што сам я не цураўся рабіць прыемна навакольцам. Але без фідбэку ініцыятыва засохла як папараць у ЖЭС-ах.
dumki
Піксагалізм
Трэба падаць скаргу на Pixabay за маральную шкоду. Яны ўвесь час публікуюць якасныя фота, і ў мяне ўзнікае кампульсіўная патрэба змяніць фон тлога.
dumki
Жах
З заўтрашняга дня па краіне абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі, да 36 вышэй за нуль. Чэрвень ты мой чырвоненькі – тварамі замучаных спякотай. А што далей? Рэзкае пахаладанне, навальніцы, ўраганы і процьма вёсак без электрычнасці? Інь і янь па-беларуску: пекла і тарнада.
dumki
Рамонт
На маёй асноўнай рабоце ўладальнік будынку пачынае рамонт на нашым паверсе. А то ведаеце, ё такія старыя савецкія офісы, дзе нібы й нармальна, але ж крыху вее нейкай атмасферай засохлых кветак і аркушамі пад шклом на сталах. Дзе вее пахам старой канцыляршчыны. А тут вось сцены падлаталі, замест старой ільсняной фарбы новы матавы слой. З люстэрка знялі тагачасныя пластыкавыя панелі, яны сапраўды былі жудасныя, цяпер ламаюць галаву над чымсьці новым і лепшым. А калі яны яшчэ забіты паркет на нешта іншае заменяць, зусім цуд здзейсніцца… Усё ж такі мы не апошняя арганізацыя, нам варта мець як мінімум ніштаваты знешні выгляд.
Мая начальніца прыемна здзівіла навіной, што пад уплывам будаўнічага драйву дырэктар замовіў адрамантаваць прыёмную, куды прыносяць да нас лісты і зварочваюцца людзі. Ой краса будзе, мяркую.
dumki
Хосты і лялькі
Чыста з-за цікаўнасці вырашыў зайсці ў рускамоўны дыскорд-чат тульпаводаў. Глухавата там, шчыра скажу. Затое два чалавекі разгаварыліся. Як і было чакана, я зразумеў, што для мяне гэта занадта спецыфічны вольны час, але ж паслухаў меркаванні ўжо практыкуючых такі дзіўны занятак. Колькі мыльных артыкулаў на сайціках тыпу Adme ё ў сетцы, а там, апынулася, толькі трызненне ды бязглудзіца напісана. Усё дзеля гучных загалоўкаў. А тыктокеры яшчэ горш, палохаюць шкаляроў гісторыямі, як іх згвалціў уяўны сябар. Што, прабачце?
**
Тульпафорсілі аноны ў горадзе Арэхава.
Палова пабрасала, астатнія паехалі.
dumki
Дэліт
Зрабіў крыху рэзкі але, маўляў, карысны крок. Адной сацыяльнай сеткай менш. Сорам, я не здольны кантраляваць свой час. Прасцей увогуле вылаліцца, чым абрываць сябе. Досыць, досыць. Калі я так прыстасаваўся да інтэрнэта як універсальнага пастаўніка забавак? І кожны раз жа перад адпраўкай у царства Марфея я лаюся на сябе. А тут нешта пстрыкнула ў галаве і я зрабіў крок.
Ніякія артыкулы пра лічбавы мінімалізм і самаарганізацыю не дапамагаюць так, як простае адсячэнне спакусы.
dumki
Замалёўка
Мусіў вынесці вялікую колькасць смецця, таму прайшоў некалькі паверхаў па пажарнай лесвіцы будынка, а пасля яшчэ крыху палавіраваў між кабінетамі міністэрства. З здзіўленнем адзначыў, што ўся розніца між ягонымі і нашымі пакоямі - наяўнасць дываноў у апошніх. Але ж вось і сакрэтныя дзверы, пра якія ведаюць толькі "свае"…
Нячаста мне даводзіцца выходзіць праз запасны выхад, але штораз ён уражвае сваім панурым антуражам: з-за безліча труб, шмацця старой фарбы на сточаных часам сценах, забітай савецкай пліткі на падлозе і бятонных шматпавярховых балконаў, што закрываюць неба, нашы кантэйнеры нібыта стаяць сярод трушчобаў Нью-Ёрка. І ў гэтым штосьці ёсць.
dumki
І вы таксама людзі
Дзякую мемным суполкам за тое, што колькасцю падабаек дэманструюць, якія думкі са мной падзяляюць іншыя людзі. Апынулася, што вакол мяне не паспешна паспяховыя паўбагі, а звычайныя асобы, што, як і я, баяцца, мараць, бывае, дрэнна сябе адчуваюць. Апынулася, што людзі навокал сто разоў бліжэй да мяне, чым я меркаваў падлеткам.
dumki
Але ё і добрае
Mah boi, у нашым будынку ўсталююць турнікеты. Скончваецца халява, ніякіх больш "сысці на 15 хвілінак раней". Жах жахам. А больш за тое, ў той жа дзень прыйшоў ліст пра прымусовую вакцынацыю. Увесь карабель-праца ў агні, я сустракаю выходныя з прысмакам незадаволенасці.
Але ж мне тэлефануе сястра і абяцае заўтра забяспечыць прыемную кампанію на лецішчы. Баш на баш.
dumki

Тэрмiновая навiна: я ўладар агуркоў.

dumki
Аўдыёкнігі на мове

Калі хтосьці тут (а можа?) цікавіцца на беларускія аўдыёкнігі, раю наведаць спасылку на Гугл дыск, дзе Мінінфарм размясціў у свабодным доступе каля дваццаці твораў, у тым ліку і некалькі замежных. Рэмарк, Лондан, Экзюперы - што хочаце. Больш за тое, асобую цікавасць выклікаюць папкі "Сучасная беларуская проза", бо Купалу і Коласа ведае, бадай, кожны, а там знойдуцца новыя для нас прозвішчы.
dumki

«

Часта багі даюць мастаку пяшчотную душу, адбіраючы пры гэтым частку мужнасці.»
— "Таіс Афінская", І. Яфрэмаў
dumki
Цацка - шэры хаскі - на маім стале.
Чэрвеньскі світанак у старым акне.
Шчэ паведамленне "дзынь" у цішыні
А за ім крумкач мне "кар" здалечыні.
Тры-чатыры гукі склалі карагод
І гудзяць саўндтрэкам да маіх турбот.
Кніга, аркуш, плотэр… дурыць галава:
Я нібы чытаю адно й то ж з нуля.
**
Ю.В.
dumki
Мяне больш не вабіць салодкі смак лета.
Пажоўкла ў сэрцы былое пачуцце
Прыгодаў і цудаў. Ледзь іх сілуэты
Трывожна блукаюць у душы каламуце.
Страціла фарбы блакітнае неба,
Званы над ракою прыціхлі раптоўна,
Я не разумею, чаго мне шчэ трэба?
Не блага, не дрэнна, мне проста ўсё роўна.
Гадзінкі бягуць, час не ведае стомы.
Як і людзі вакол, хочуць тое ці тое.
Бясконцыя думкі гудзяць дзікім роем,
Лямпачкі б’юцца і гаснуць у доме.
**
Ю.В.